ПІЦУ́НДА-МЮСЕ́РСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК У Абхазіі, на Чарнаморскім узбярэжжы Каўказа. Засн. ў 1966 на базе Піцундскага (з 1926) і Мюсерскага (1964) участкаў з мэтай захавання рэліктавых гаёў, дуброў, водна-балотных комплексаў. Пл. 3761 га. Рэльеф слабахвалісты раўнінны, горны, расчлянёны далінамі рэк. Гай рэліктавай эндэмічнай хвоі піцундскай (адзіны ў свеце) і самшыту. Дубровы. Шыракалістыя лясы з граба каўказскага, бука ўсходняга, каштана звычайнага (ядомага), лапіны, вольхі, сунічнага дрэва. У падлеску падуб, мушмула, барбарыс, кізіл, рададэндран пантыйскі, плюшчы і інш. У фауне звычайныя казуля, дзік, барсук, куніца, вавёрка, фазан і інш.
т. 12, с. 394
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)